Славамір Адамовіч

Паэту

Ну што ж, ты станцаваў канкан і перад гэтаю уладай, цяпер чакай, пакуль “гарант” надзеліць новаю пасадай.

У “Маладосці” — бачыў я — другім ты йдзеш пасьля самога... Паэт — ён як сабачаня: паўзе пад ногі да любога. Аднак, пабач, у гэты час ідуць і іншыя будоўлі, і, лёсу гледзячы ў анфас, жывуць хлапцы высокай долі...

Паэт! За што і перад кім ты гэтак выпрастаў хрыбціну? Дзеля таго, каб жоўты “ЛіМ” зьмяшчаў твой фэйс з крывою мінай?

Ці каб сівая “Маладосць”, твой верш старанна аблізаўшы, высмоктвала з радочкаў штось, што ганьбіць рускія пэйзажы? Я не настаўнік твой, паэт, мне за сябе, бадай, няёмка: якога д’ябла ў белы сьвет я выйшаў з камэрнаю шлёмкай?

Няўжо каб назіраць, як ты пры чарцы плачаш над Краінай і строіш аж да дурнаты зь сябе звыродлівыя кпіны? У “Полымі” тваім, паэт, гарыць ня полымя, а сьвечка.

Нялёгка выйсьці пад стылет, прасьцей прыкінуцца авечкай і крэмзаць долатам душы па фінскай глянцавай паперы, падлічваючы аркушы — ці барышы? — радкоў кашэрных.

Даволі! Барацьба стыхій няўстойлівыя нішчыць глебы, і слабых сьпін шукае кій, разьмінку робячы на рэбрах.

Дык падстаўляй хрыбет хутчэй — і першым будзеш апрастаны, і цісьні сьлёзны сок з вачэй ад шчасьця, што не расстраляны. Ліпень 2002

26.07.2002,"НН", № 28 (290), 26 ліпеня 2002 г.

Будзе вясна сьветлай памяці хроснага Віктара Будзе вясна,і будзе жывое любіцца, будзе па дрэвах сок падымацца ўгару, розныя мошкі і пчолы будуць раіцца і зайчаняты будуць хавацца у мурагу. Будзе грымець першы гром на 9-га мая і абеліскі памыюць за нас маладыя дажджы. Многае будзе,ды толькі дачушка малая тату ня ўбачыць наступнай вясной.Бліндажы будуць штогод зарастаць травою-хмызамі, будзе ў зялёнай лістоце кіпець хларафіл, і,як заўжды,будуць сьлёзы і будуць прызнаньні, і на глыбіні плуга будзе драмаць тратыл. 7/8.12.2022,М.Г.

Прыярытэты

Пасьля залевы, сонцу насустрач пашыхтаваўшы энэргасістэмы, шэрагі нашыя крочаць левай, крышачы правай варожую злучнасць. У дваццаць трэцім нашы кагорты дружна ступаюць у розных напрамках: адны назаўсёды ў краіны-курорты, іншыя ў турмы і нават пад танкі. Доўга і цяжка,але вырастае наш фанатызм і зацятая лютасць, і разуменьне:само не растане тое,што называецца гнюснасць. 30.07.2017 - 30.07.2023,Мегер